Прамова Прэзідэнта Азербайджанскай Рэспублікі Гейдара Аліева на бізнес-канферэнцыі "Новыя магчымасці ў рэгіёне Чорнага мора"- Стамбул, 28 красавіка 1997 года

Паважаны спадар старшыня!

Дамы і спадары!

Сардэчна вітаю паважаных кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, усіх удзельнікаў бізнес-канферэнцыі "Новыя магчымасці ў рэгіёне Чорнага мора", арганізаванай дзелавым саветам Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва сумесна з Радай замежных эканамічных сувязяў Турэцкай Рэспублікі.

Дзякую паважанага Прэзідэнта Сулеймана Дземірэля, арганізатараў канферэнцыі за гасціннасць і выдатныя ўмовы, створаныя для нашай працы.

Вельмі знамянальна, што наш форум праходзіць у выдатным горадзе Стамбуле, дзе пяць гадоў таму, у чэрвені 1992 года адзінаццаць краін Чарнаморскага басейна абвясцілі аб стварэнні новай міжнароднай арганізацыі, закліканай ператварыць наш рэгіён у рэгіён  міру, стабільнасці, росквіту, павысіць дабрабыт нашых народаў.

Можна з задавальненнем адзначыць, што мінулыя пяць гадоў пераканаўча даказалі правільнасць гэтага рашэння, неабходнасць і жыццяздольнасць арганізацыі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва. За гэты перыяд праведзена значная работа па пашырэнню і паглыбленню нашага супрацоўніцтва ў многіх сферах, дасягнуты пазітыўныя вынікі ў рэгіянальным гандлі і эканамічнай кааперацыі.

Усё гэта садзейнічала стварэнню спрыяльнага клімату і ўмоў для выхаду на новыя, больш высокія ўзроўні і формы нашага супрацоўніцтва. Адной з такіх новых формаў і з'яўляецца бізнес-канферэнцыя краін Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва,  у рабоце якой прымаюць удзел бізнесмены, прадстаўнікі дзелавых колаў краін-удзельніц ЧЭС. Гэта, несумненна, будзе садзейнічаць поспеху нашага супрацоўніцтва, канкрэтызацыі нашых планаў, стварэнню новых сумесных прадпрыемстваў, вырашэнню існуючых праблем.

Удзел у гэтым форуме кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін ЧЭС, прадстаўнікоў ААН, кіраўнікоў Сусветнага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Міжнароднай фінансавай карпарацыі і многіх аўтарытэтных міжнародных інстытутаў сведчаць аб тым вялікім значэнні, якое надаецца Чарнаморскаму  эканамічнаму супрацоўніцтву.

Упэўнены, што наша канферэнцыя дазволіць стварыць умовы для яшчэ лепшага выкарыстання вялізнага эканамічнага патэнцыялу нашага рэгіёну, будзе спрыяць росту інвестыцый і практычнаму ажыццяўленню нашых рэгіянальных эканамічных праектаў.

У прыватнасці, вялікія магчымасці для сумеснай дзейнасці, інвеставання маюцца ў галіне транспарту, энергетыкі, сувязі. Важнае значэнне маюць праекты транспартнай інфраструктуры рэгіёну ЧЭС, якая будзе інтэгравацца ў Еўрапейскую транспартную сістэму. Каардынацыя транспартных праектаў ЧЭС з праектамі ТРАСЕКА адкрые найшырэйшыя магчымасці для грузаперавозак паміж краінамі Еўропы і Азіі.

Перспектыўным з'яўляецца праект па аб'яднанні электраэнергетычных сістэм краін-членаў ЧЭС, які можа разглядацца таксама, як крок у напрамку распрацоўкі аб'яднанай Еўраазіяцкай электраэнергасістэмы.

Асаблівае значэнне Чарнаморскі рэгіён мае для транспарціроўкі энерганосьбітаў з рэгіёну Каспійскага мора. У гэтай сувязі ўзнікае неабходнасць стварэння экалагічна бяспечнай і надзейнай сістэмы іх транспарціроўкі 

Азербайджан зацікаўлены ў гэтых праектах і мае намер актыўна супрацоўнічаць у іх распрацоўцы і ажыццяўленні.

Паважаныя дамы і спадары!

Асноўнай мэтай Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва  з'яўляецца забеспячэнне  росквіту нашага рэгіёну, міру і дабрабыту для нашых рэгіёнаў. Таму недапушчальным з'яўляецца працяг існуючых узброеных канфліктаў у нашым рэгіёне.

Вядома,  што Азербайджанская Рэспубліка ў выніку агрэсіі з боку Рэспублікі Арменія панесла значныя страты - дваццаць працэнтаў нашай тэрыторыі акупавана, больш  за мільёнжыхароў Азербайджана сталі бежанцамі і жывуць у вельмі складаных умовах.

У снежні 1996 года Лісабонскі саміт АБСЕ ад імя 53 дзяржаў-членаў  прыняў асноўныя прынцыпы мірнага ўрэгулявання армяна-азербайджанскага канфлікту:

-тэрытарыяльная цэласнасць Арменіі і Азербайджана;

- шырокая аўтаномія Нагорнага Карабаха ў складзе Азербайджана;

-бяспека для ўсяго насельніцтва Нагорнага Карабаха.

Гэтыя ж прынцыпы зацвердзіла ў сваёй рэзалюцыі 22 красавіка 1997 года і Парламенцкая асамблея Савета Еўропы.

Мы са свайго боку прымаем усе неабходныя  меры, каб дамагчыся практычнай рэалізацыі рашэнняў Лісабонскага саміту і спадзяёмся, што 1997 год стане вырашальным для дасягнення мірнага пагаднення. Мы разлічваем на актывізацыю дзейнасці Мінскай групы АБСЕ, сумесныя намаганні сустаршыняў Мінскай канферэнцыі - Расіі, ЗША і Францыі, а таксама на садзейнічанне краін Чарнаморскага басейна ў урэгуляванні гэтага зацягнутага канфлікту.

Мы заклікаем Арменію да мірнага ўрэгулявання канфлікту на аснове прынцыпаў, зацверджаных Лісабонскім самітам АБСЕ.

Карыстаючыся гэтай трыбунай, я яшчэ раз пацвярджаю цвёрдыя намеры Азербайджанскай Рэспублікі выконваць рэжым спынення агню, які доўжыцца ўжо тры гады, аж да падпісання мірнага пагаднення.

Спадзяюся, што сумеснымі намаганнямі мы зможам дабіцца ўрэгулявання ўсіх канфліктаў у нашым рэгіёне, закласці аснову трывалага міру, стабільнасці, росквіту і супрацоўніцтва нашых народаў.

Дзякую за ўвагу.