Прамова Прэзідэнта Азербайджанскай Рэспублікі Гейдара Аліева на саміце кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-членаў Савета Еўропы - Страсбург, Палац Еўропы 11 кастрычніка 1997 года

Паважаны старшыня!

Паважаныя спадарыні і спадары!

Сардэчна вітаю ўдзельнікаў Другога саміта Савета Еўропы. Я глыбока задаволены тым, што ўпершыню незалежная Азербайджанская Рэспубліка прымае ўдзел у гэтым аўтарытэтным міжнародным форуме, прысвечаным абмеркаванню важнейшых агульнаеўрапейскіх праблем на мяжы новага тысячагоддзя.

Агромністыя пазітыўныя змены, якія адбыліся на нашай планеце - канец халоднай вайны, падзенне жалезнай заслоны, - аб’ядналі Еўропу, паспрыялі інтэграцыі ў еўрапескія структуры новых незалежных дзяржаў, якія абралі шлях дэмакратыі.

Важную ролю ў гэтых працэсах адыгрывае Савет Еўропы і мы высока цэнім яго ўнёсак ва ўмацаванне міру і стабільнасці, сцвярджэнне прынцыпаў плюралістычнай дэмакратыі і агульначалавечых каштоўнасцей на ўсім еўрапейскім кантыненце.

Азербайджан на працягу ўсёй сваёй гісторыі развіваў цесныя сувязі з Еўропай, з’яўляючыся яе неад’емнай часткай.

Пасля набыцця незалежнасці Азербайджанская Рэспубліка прайшла складаны і драматычны шлях. Цяжкасці пераходнага перыяду, унутрыпалітычная нестабільнасць, разгул незаконных узброеных фарміраванняў, чарада несканчальных спроб дзяржаўнага перавароту, сацыяльна-эканамічны крызіс, разбуральныя наступствы агрэсіі суседняй Арменіі стварылі абстаноўку анархіі і хаоса, масавых парушэнняў правоў чалавека, пагражаючы самому існаванню азербайджанскай дзяржаўнасці.

З кошт вялікіх высілкаў за кароткі перыяд у нас атрымалася стабілізаваць сітуацыю ў краіне і прыступіць да ажыццяўлення радыкальных палітычных і эканамічных рэформаў, накіраваных на будаўніцтва дэмакратычнай, прававой, свецкай дзяржавы і рыначнай эканомікі.

Былі праведзеныя першыя дэмакратычныя выбары ў Парламент рэспублікі на шматпартыйнай аснове. Шляхам усенароднага рэферэндума была прынятая першая Канстытуцыя незалежнай Азербайджанскай Рэспублікі, якая гарантуе неабходныя свабоды і правы чалавека. Дзясяткі палітычных партый, сотні незалежных сродкаў масавай інфармацыі, свабода слова, сумлення, спрыяльныя ўмовы для развіцця нацыянальных меншасцяў - усё гэта сведчыць пра фарміраванне дэмакратычнага грамадства ў нашай краіне.

Лібералізацыя эканомікі, звядзенне да мінімума інфляцыйных працэсаў, шырокае прыцягненне замежных інвестыцый, паспяховая рэалізацыя праграмы прыватызацыі, уключаючы і прыватную ўласнасць на зямлю, спрыяла таму, што эканоміка Азербайджана пераадолела працяглы спад і пачаўся рэальны рост вытворчасці і павышэнне жыццёвага ўзроўню грамадзян краіны.

Зразумела, мы працягваем адчуваць аб’ектыўныя цяжкасці пераходнага перыяду, выяўляецца і цяжкая спадчына сямідзесяцігадовай таталітарнай сістэмы, але паспяховае ажыццяўленне дэмакратычных рэформаў, цвёрдая падтрымка гэтых рэформаў з боку абсалютнай большасці грамадзян рэспублікі сведчыць пра незваротнасць незалежнасці і дэмакратыі ў Азербайджане.

Самай вялікай праблемай для нас застаюцца наступствы агрэсіі з боку Рэспублікі Арменія, у выніку якой акупавана дваццаць адсоткаў тэрыторыі Азербайджана, больш за мільён жыхароў гэтых зямель выгнаныя з месцаў свайго жыхарства і жывуць у невыносных умовах у палатачных гарадках.

Мы з радасцю ўспрынялі старанні АБСЕ, накіраваныя на справядлівае ўрэгуляванне армяна-азербайджанскага канфлікту. Лісабонскі саміт АБСЕ ў снежні 1996 года прыняў надзвычай важнае рашэнне па гэтым пытанні. Прынцыпы Лісабона - гэта прызнанне тэрытарыяльнай цэльнасці Азербайджана і Арменіі, прадастаўленне Нагорнаму Карабаху ў складзе азербайджанскай дзяржавы высокага статуса самакіравання і гарантыі бяспекі для ўсяго насельніцтва Нагорнага Карабаха.

Мы высока ацэньваем Рэзалюцыю Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ад 22 красавіка 1997 года, якая таксама пацвердзіла тэрытарыяльную цэльнасць азербайджанскай дзяржавы, прынцыпы Лісабонскага саміта па ўрэгуляванні армяна-азербайджанскага канфлікту. Гэтыя дакументы з’яўляюцца добрай базай для дасягнення міру на аснове агульнапрызнаных нормаў міжнароднага права.

У маі 1994 года мы заключылі з Арменіяй Пагадненне аб спыненні агня і маем намер прытрымлівацца яго да канчатковага ўрэгулявання канфлікту.

Мы падтрымліваем нядаўнюю прапанову сустаршыні Мінскай групы АБСЕ - Расіі, ЗША і Францыі - па ўрэгуляванні канфлікту ў два этапы: на першым этапе - вывесці армянскія ўзброеныя фарміраванні з шасці акупаваных раёнаў Азербайджана, вярнуць жыхароў гэтых раёнаў у месцы іх пражывання і ўзнавіць камунікацыі, разбураныя падчас вайны; на другім этапе - вырашыць пытанне аб статусе Нагорнага Карабаха сумесна з вызваленнем Лачынскага і Шушынскага раёнаў.

Я сёння зноў заяўляю, што мы цвёрда стаім на пазіцыях мірнага ўрэгулявання канфлікту, хочам трывалага і працяглага міру з Арменіяй. Нягледзячы на вялікую шкоду, нанесеную Азербайджану агрэсіяй, мы хочам узнаўлення добрасуседскіх адносін і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, дабрабыту і развіцця нашых народаў, міру і стабільнасці ў нашым рэгіёне.

Спадарыні і спадары!

У чэрвені 1996 года Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы Азербайджану прадастаўлены статус “спецыяльнага запрошанага”, мы таксама з’яўляемся ўдзельнікамі Еўрапескай культурнай канвенцыі і Адкрытага парцыяльнага пагаднення па прадухіленні, абароне і арганізацыі дапамогі пры буйных прыродных і тэхналагічных катастрофах.

13 ліпеня 1996 года я звярнуўся з лістом да Генеральнага сакратара Савета Еўропы з просьбай прыняць Азербайджанскую Рэспубліку паўнапраўным членам Савета Еўропы. Выражаючы гатоўнасць далучыцца да Еўрапескай канвенцыі па правах чалавека, я прасіў Камітэт міністраў Савета Еўропы паскорыць перамовы з азербайджанскім урадам па дадзеным пытанні.

Мы актыўна супрацоўнічаем з інстытутам Савета Еўропы, прымаем удзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца імі, ствараем ўсе неабходныя ўмовы для дэлегацый Савета Еўропы ў Азербайджане.

Мы ўскладаем вялікія надзеі на дапамогу Савета Еўропы ў развіцці дэмакратычных ператварэнняў у нас у краіне. Спадзяюся, што Азербайджан у хуткім часе стане паўнапраўным членам Савета Еўропы. Са свайго боку мы будзем рабіць усё, каб адпавядаць высокім стандартам сучаснай еўрапейскай дэмакратыі.

Паважаныя спадарыні і спадары!

Наш саміт падводзіць вынікі бурнага і драматычнага дваццатага стагоддзя, вызначае задачы і перспектывы будучага стагоддзя. Як і раней, новая Еўропа, аб’яднаная ідэаламі свабоды, дэмакратыі і гуманізму, будзе адыгрываць важную ролю ў прагрэсе і развіцці ўсяго чалавецтва. 

Я ўпэўнены, што Азербайджанская Рэспубліка, якая валодае агромністымі прыроднымі рэсурсамі, багатым культурным і інтэлектуальным патэнцыялам, зробіць свой дастойны ўнёсак у гэты дабратворны працэцс.

Дзякуй за ўвагу.

Перакладзена з газеты “Бакінскі працоўны”, 15 кастрычніка 1997 года