Заява Прэзідэнта Азербайджанскай Рэспублікі Гейдара Аліева на паседжанні Савета кіраўнікоў дзяржаў-удзельніц СНД - Масква, 2 красавіка 1999 года


На кастрычніцкім 1997 года Кішынёўскім і красавіцкім 1998 года Маскоўскім самітах СНД адбылася прынцыповая і шчырая размова пра праблемы, якія перашкаджаюць раўнапраўнаму і эфектыўнаму супрацоўніцтву нашых краін у рамках Садружнасці.

Са шкадаваннем прыходзіцца канстатаваць, што за мінулы год, нягледзячы на зробленыя спробы рэфармавання СНД, пераадолець крызісныя з'явы ў рамках нашай Садружнасці не атрымалася.

Адной з галоўных прычын гэтага з'яўляецца наяўнасць неўрэгуляваных узброеных канфліктаў на тэрыторыях дзяржаў-удзельніц СНД, якія ствараюць атмасферу недаверу і напружанасці, якія блакіруюць эфектыўнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ва ўсіх іншых сферах нашых адносін.

У сувязі з гэтым, лічу неабходным ізноў заявіць пра праблемы, што выклікаюць сур'ёзную заклапочанасць Азербайджанскай Рэспублікі, і пагражаюць яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, міру і стабільнасці ў нашым рэгіёне.

Вядома, што ўжо шмат гадоў працягваецца армяна-азербайджанскі канфлікт, які прывёў да акупацыі дваццаці працэнтаў азербайджанскай тэрыторыі, выгнання больш за адзін мільён нашых грамадзян з родных земляў. Дзве дзяржавы-удзельніцы Садружнасці - Арменія і Азербайджан - знаходзяцца ў стане ўзброенага канфлікту, трэцяя - Расія - з'яўляецца адным з сустаршыняў Мінскай канферэнцыі АБСЕ, закліканай урэгуляваць канфлікт.

Аднак, нягледзячы на захаванне дамоўленасці аб спыненне агню, дасягнутай у маі 1994 г., дамагчыся ўрэгулявання канфлікту дагэтуль не атрымалася.

У гэтых умовах з'яўляюцца цалкам недапушчальнымі дзеянні ўрадавых органаў Расійскай Федэрацыі па мілітарызацыі Арменіі.

На пачатку 1997 г. сталі вядомыя факты аб незаконных, нелегальных пастаўках з Расіі ў Арменію ўзбраенняў, уключаючы вялікую колькасць танкаў, аператыўна-тактычных і зенітна-ракетных комплексаў, розных рэактыўных сістэм залпавага агню і іншай тэхнікі на суму больш за адзін мільярд долараў ЗША. Як вядома, гэтыя пастаўкі ажыццяўляліся, пачынаючы з 1993 г., г.зн. у той час, калі паміж Арменіяй і Азербайджанам ішлі актыўныя ваенныя дзеянні, што спрыяла акупацыі ўзброенымі сіламі Арменіі азербайджанскіх тэрыторый, і працягваліся пасля ўсталявання перамір'я.

Нягледзячы на нашыя звароты да Прэзідэнта Расіі расследаваць гэтыя факты і забяспечыць вяртанне незаконна пастаўленых узбраенняў, якіх-небудзь вынікаў дасягнута не было. Генеральная пракуратура, Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, іншыя выканаўчыя органы федэральнай улады так і не давялі да канца пачатае расследаванне.

Праца міждзяржаўнай трохбаковай камісіі (Расія, Арменія, Азербайджан), створанай для высвятлення акалічнасцяў незаконных паставак расійскай зброі ў Арменію, мэтанакіравана блакіруецца. Нашае спадзяванне на тое, што будзе зроблена адпаведная адзнака супрацьпраўнай дзейнасці службовых асоб, вінаватых у гэтых акцыях, і будуць прынятыя неабходныя меры па вяртанню і вываду незаконна перададзенага расійскага ўзбраення і ваеннай тэхнікі з Арменіі, так і не апраўдалася.

Нас турбуе размяшчэнне на тэрыторыі Рэспублікі Арменія, якая знаходзіцца ў стане ўзброенага канфлікту з Азербайджанам, ваенных баз Расійскай Федэрацыі. У жніўні 1997 г. паміж Расійскай Федэрацыяй і Арменіяй была падпісаная дамова аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, у якой ёсць палажэнне аб ваенным супрацоўніцтве, таксама заключана больш за дваццаць дамоў у ваенна-тэхнічнай сферы, рэгулярна праводзяцца сумесныя ваенныя манеўры, ажыццяўляецца сумеснае баявое дзяжурства сіл СПА.

Улічваючы тое, што Расійская Федэрацыя з'яўляецца пасярэднікам ва ўрэгуляванні армяна-азербайджанскага канфлікту, мы звярталіся з просьбай прыпыніць дзеянні палажэнняў дамовы аб ваенна-палітычным супрацоўніцтве і іншых дамоў у ваеннай сферы з Арменіяй да ўсталявання міру. Аднак гэтыя звароты таксама былі пакінутыя без увагі.

Больш за тое, Расійская Федэрацыя працягвае нарошчваць сваю ваенную прысутнасць у Арменіі, ажыццявіўшы ў апошнія месяцы пастаўкі на ваенныя базы сучаснай ваеннай тэхнікі наступальнага характару, як напрыклад, зенітна-ракетных комплексаў С-ЗОО і самалётаў МІГ-29.

Усё гэта супярэчыць Распараджэнню Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 9 верасня 1993 г., якое забараняе ўсе пастаўкі расійскай ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў у Арменію і Азербайджан да мірнага вырашэння армяна-азербайджанскага канфлікту, а таксама ролі і абавязацельствам Расійскай Федэрацыі, якая з'яўляецца сустаршынёй Мінскай групы АБСЕ. Гэта таксама супярэчыць адпаведным рэзалюцыям Савета Бяспекі ААН і рашэнням АБСЕ, прынятым у сувязі з армяна-азербайджанскім канфліктам.

Лічу неабходным заявіць ізноў, што размяшчэнне расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Арменіі, абсталяваных вялікай колькасцю сучаснай ваеннай тэхнікі і зброі, уяўляе сур'ёзную пагрозу для Азербайджанскай Рэспублікі, ускладняе існуючае становішча і не спрыяе ўрэгуляванню армяна-азербайджанскага канфлікту.

Вымушаны нагадаць, што вайскоўцы расійскіх ваенных частак, дыслакаваных на тэрыторыі Арменіі, неаднаразова пападалі ў палон падчас баявых дзеянняў у Карабаху і былі намі, па шматлікіх просьбах расійскага боку, перададзеныя Расійскай Федэрацыі.

Мы неаднаразова прасілі растлумачыць, з якой мэтай ідзе размяшчэнне ваенных баз Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Арменіі? Аднак належнага адказу не атрымалі. Заявы пра тое, што гэта не накіравана супраць Азербайджана, нас не супакойваюць. Узнікае пытанне: супраць каго яны накіраваныя? Незалежна ад адказу, можна канстатаваць, што гэта ўскладняе становішча ў Закаўказзі, фактычна праводзіць раз'яднальную ваенна-палітычную лінію ў рэгіёне.

Лічу неабходным адзначыць таксама, што сітуацыя, якая склалася ў рэгіёне Закаўказзя, цалкам супярэчыць палажэнням Дамовы аб калектыўнай бяспецы краін СНД ад 15 мая 1992 г. Артыкул першы Дамовы кажа пра тое, што дзяржавы-удзельніцы павінны ўстрымлівацца ад ужывання сілы або пагрозы сілы ў міждзяржаўных адносінах і абавязваюцца вырашаць усе рознагалоссі паміж сабой і іншымі дзяржавамі мірнымі сродкамі. У Дамове таксама звяртаецца ўвага на тое, што дзяржавы-удзельніцы не будуць уступаць у ваенныя саюзы або прымаць удзел у якіх-небудзь дзеяннях, накіраваных супраць іншай дзяржавы-удзельніцы.

Такім чынам, пастаўкі расійскай зброі і ваеннай тэхнікі ў Арменію, размяшчэнне на яе тэрыторыі ваенных баз з'яўляецца грубым парушэннем Дамовы аб калектыўнай бяспецы краін СНД.

Узнятыя намі пытанні маюць надзвычай важнае значэнне не толькі для Азербайджана, але і для ўсяго нашага рэгіёна, Садружнасці ў цэлым.

Яны патрабуюць выразных адказаў ад Расійскай Федэрацыі і прыняцця самых эфектыўных мер.

Перакладзена з газеты "Бакінскі рабочы", 3 красавіка 1999 года